BE RU EN

Урад вызначыў пералік «замарожаных» для фондавага рынка прадпрыемстваў

  • 17.12.2008, 15:35

Беларускія ўлады нарэшце змаглі ўзгадніць пералік стратэгічных прадпрыемстваў, акцыі якіх не будуць прадавацца на біржавым рынку каштоўных папераў.

Нагадаем, што ўдыхнуць жыццё ў беларускі фондавы рынак планавалася з 17 ліпеня паводле дэкрэту №7, які паэтапна адмяняе абмежаванні на абарачэнне ў Беларусі акцыяў адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных падчас раздзяржаўлення і прыватызацыі, адчужэнне якіх раней было замарожанае. Аднак з-за адсутнасці пераліку стратэгічных прадпрыемстваў другое нараджэнне фондавага рынка было адкладзенае на нявызначаны час, паведамляе АФН.

Паводле пастановы Саўміна №1927 ад 15 снежня 2008 года ў пералік увайшло 162 прадпрыемствы. У тым ліку ў Мінбудархітэктуре - 8, Мінпраме - 11, Мінсельгаспрадзе - 40, Мінэнерга - 8, канцэрнах "Белдзяржхарчпрам" - 15, "Белнафтахім" - 9, "Беллегпрам" - 14, "Беллеспаперпрам" - 3. Таксама адзначаныя стратэгічна значныя прадпрыемствы ў Берасцейскай вобласці - 9, у Віцебскай - 14, Гомельскай - 6, Гарадзенскай - 6, Менскай - 9, Магілёўскай - 6, у горадзе Менску - 4 прадпрыемствы.

Тэкст дакумента ў цяперашні час недасягальны. У гэтай сувязі складана сказаць, ці ідзе гаворка аб пераліку прадпрыемстваў, якія трапляюць пад адмену абмежаванняў на 1-ым этапе, гэта значыць у 2008 годзе, ці ж ў пералік уключаныя прадпрыемствы, акцыі якіх маглі патрапіць, але не патрапяць на біржавы рынак у 2009 годзе - на другім этапе (з 1 студзеня 2009 года) адмяняюцца абмежаванні на адчужэнне акцыяў акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы звыш за 50%.

Апошнія навіны