BE RU EN

Беларускае піва не патрэбнае і Расеі

  • 16.12.2008, 17:25

У 2010 годзе ўрад плануе павялічыць экспарт піва ў 13 разоў. Але пазіцыі айчынных вытворцаў піва на знешніх рынках застаюцца вельмі сціплымі.

У цяперашні час асноўным знешнім рынкам збыту для беларускіх вытворцаў піва з'яўляецца Расея. Аднак, як высветліла «БДГ» у расейскіх маркетолагаў, пазіцыі беларускіх вытворцаў пеннага напоя на расейскім рынку піва пакуль застаюцца вельмі сціплымі. І у расейцаў пакуль няма адчування, што становішча беларускіх вытворцаў на расейскім рынку ў хуткім часе моцна зменіцца.

Паводле плану ўрада, у 2010 годзе беларускія вытворцы піва павінны паставіць на знешнія рынкі 6 млн. дал піва. Гэтая лічба ў 13 разоў перавышае паказчык 2007 года, калі экспарт беларускага піва склаў усяго толькі 465,5 тыс. дал. У цяперашні час беларускія вытворцы піва імкнуцца нарошчваць экспартныя пастаўкі, у тым ліку за кошт павелічэння экспарту сваёй прадукцыі ў Расею.

Тым не менш, паводле самага свежага маркетынгавага даследавання расейскага рынка піва, якое падрыхтавала расейскае маркетынгавае агенцтва Step by step, пазіцыі беларускіх вытворцаў ячменнага напоя ў Расеі пакуль дастаткова сціплыя. Як паведаміла «БДГ» PR-мэнэджар групы кампаніяў Step by step Марына Агафонава, доля беларускіх вытворцаў у агульным аб'ёме імпарту слабаалкагольнага піва ў Расею складае толькі 0,4% у натуральным выражэнні і 0,5% у вартасным.

У сегменце соладовага піва доля беларускіх вытворцаў складае 2,2% у натуральным выражэнні і 2% у вартасным. «Зараз вельмі складана сказаць аб перспектывах беларускіх вытворцаў на расейскім рынку, бо ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу ёсць верагоднасць таго, што яно пакуль закупляцца не будзе», - выказала здагадку Марына Агафонава.

Паводле дадзеных аналітыкаў групы кампаніяў Step by step, у 2007 годзе асноўная доля безалкагольнага піва ўвозілася з Латвіі, як у натуральным выражэнні (69,5%), так і вартасным (80,3%). На другім месцы па аб'ёмах імпарту стаіць Украіна (27,2% і 14,2% у натуральным і вартасным выражэнні адпаведна).

«Больш за ўсё бутэлькавага піва ёмістасцю 10л і меней, увозіцца да нас з Украіны, як у натуральным, так і вартасным выражэнні (83,4% і 63,7% адпаведна)», - паведаміла Марына Агафонава.

Што датычыцца іншых імпарцёраў піва ў Расею, да ліку якіх адносіцца і Беларусь, дык іх доля ў агульнай структуры расейскага імпарту нязначная.

«Імпарт на расейскім рынку піва займае не больш за 2%. Па гэтай прычыне імпарт не аказвае значнага ўплыву на расейскі рынак піва» - паведаміў «БДГ» афіцыйны прадстаўнік «Саюза расейскіх півавараў» Уладзімір Кузняцоў. Паводле дадзеных «Саюза расейскіх півавараў», у 2007 годзе ў Расею было імпартавана 32 млн. дал піва.

Нагадаем, што паводле змяненняў, унесеных пастановай Савета Міністраў №1880 у Праграму развіцця піваварнай галіны Беларусі на 2006-2010 гады, ААТ «Крыніца» павінна будзе павялічыць экспарт піва ў 2010 годзе да 1,35 млн.дал, ААТ «Піўзавод «Аліварыя» - да 700 тыс.дал, СЗАТ «ПК «Сябар» - да 2,5 млн.дал. Між тым, у 2007 годзе «Крыніца» паставіла на экспарт 332 тыс. дал піва, экспартныя паказчыкі іншых піваварных кампаніяў Беларусі былі значна ніжэй.

Тым не менш, урад паставіў задачу піваварным кампаніям Беларусі павялічыць экспартныя пастаўкі піва ў 2010 году да 6 млн. дал. У беларускім урадзе адзначаюць, што для павелічэння піўнога экспарту «будуць пашырацца тавараправодныя сеткі за мяжой і прымацца агрэсіўныя маркетынгавыя меры».

Апошнія навіны