BE RU EN

Чавес будзе па-ранейшаму закупаць зброю ў Беларусі

  • 7.11.2008, 16:13

У бліжэйшыя гады Венесуэла працягне закупаць зброю ў Расеі, Кітая і Беларусі, заявіў прадстаўнік вайсковага камандавання краіны генерал Хесус Гансалес.

"У бліжэйшыя гады мы працягнем закупаць зброю ў Расеі, Кітая і Беларусі, каб мець дастаткова сіл па абароне нашай тэрыторыі і нафтавых запасаў ад такіх краін, як ЗША", — сказаў Х.Гансалес.

Па меркаванні венесуэльскага генерала, ЗША імкнуцца аслабіць гэтую паўднёваамерыканскую краіну ў ваенных адносінах, увядучы забарону на пастаўкі ваеннай тэхнікі і ўзбраення. "Таму мы звярнуліся за дапамогай да такіх краін, як Расея і Кітай. Расея — наш сябар, які працягнуў нам руку дапамогі ў цяжкую для нас хвіліну", — заявіў генерал.

Ён лічыць, што цяперашняя праграма пераўзбраення, разлічаная да 2012 года, накіраваная на тое, каб войска мела найноўшыя ўзоры зброі.

"Мы хочам быць моцнымі, каб любы, хто вырашыцца напасці на нашу краіну, дзесяць разоў падумаў, перш чым гэта зрабіць, — падкрэсліў Х.Гансалес. — Падчас візіту ў Венесуэлу прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядведзева, які мае адбыцца ў канцы лістапада гэтага года, могуць быць канкрэтызаваныя ўмовы паставак БМП-3 і танкаў Т-72".

Па дадзеных РИА Новости, Расея ўжо паставіла ў Венесуэлу 100 тысяч аўтаматаў Калашнікава новай мадыфікацыі АК-103. Акрамя таго, будуюцца два завода па ліцэнзійнай зборцы расейскіх аўтаматаў і выпуску боепрыпасаў да іх. Паспяхова рэалізуецца кантракт на пастаўку ў Венесуэлу 24 шматфункцыянальных знішчальнікаў Су-30МК2 і каля 50 верталётаў: 34 Мі-17В-5, 10 Мі-35М і 3 Мі-26Т.

Нагадаем, падчас візіту ў Венесуэлу Аляксандра Лукашэнкі ў снежні 2007 года былі падпісаныя дзве дамовы ў ваенна-тэхнічнай сферы — аб супрацоўніцтве па стварэнні Адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і сістэмы радыёэлектроннай барацьбы ў гэтай краіне, а таксама аб знаходжанні на венесуэльскай тэрыторыі беларускіх вайсковых дарадчыкаў і спецыялістаў у інтэрасах стварэння вышэйназваных сістэм.

Раней уплывовай іспанскай газетай «Эль Паіс» і тэлеканалам «Еўраньюс» са спасылкай на экспертаў Інтэрпола была распаўсюджаная інфармацыя аб продажы беларускай зброі калумбійскай групоўцы "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC), прызнанай міжнароднай супольнасцю тэрарыстычнай арганізацыяй.

Па сцвярджэнні «Эль-Паіс», экс-дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман «быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, якія былі падпісаныя летась».

Апошнія навіны