BE RU EN

Зяця старшыні Камітэта дзяржкантролю могуць пасадзіць на 9 гадоў

  • 28.11.2008, 15:15

Менавіта такі тэрмін запатрабаваў пракурор для маёра Алега Рашчэні, якому разам з групай іншых асобаў інкрымінуецца незаконная рэалізацыя вайсковай тэхнікі.

Нагадаем, крымінальная справа, у якой фігуруе зяць старшыні Камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця, разглядаецца ў Менскам абласным судзе. Суд пачаўся ў верасні і праходзіць у зачыненым рэжыме.

Як ужо паведамляла «Народная воля», па справе праходзіць каля 10 чалавек. Ім інкрымінуецца незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць: група асобаў праз камісійныя крамы нібыта пад прыкрыццём аднаго высокапастаўленага чыноўніка рэалізоўвала вайсковую тэхніку.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, большасць абвінавачаных знаходзяцца за кратамі са снежня мінулага года. Дакладна вядома, што ў аднаго з іх узялі падпіску аб невыяздзе і ў суд ён з'яўляецца сам. Затое ў вышуку знаходзіцца адзін з галоўных фігурантаў гэтай справы — прадпрымальнік Аляксандр Гарашчэня. Знаёмыя Аляксандра Гарашчэні распавялі «Народнай волі», што падчас следства не раз усплывала прозвішча Зянона Ломаця і некаторых іншых высокапастаўленых асобаў краіны.

Цікава, што Гарашчэня знаходзіўся не ў СІЗА, як іншыя ўдзельнікі гэтага працэсу, а пад аховай — такое рашэнне прыняў следчы Віцебскай абласной пракуратуры, якая пачынала расследаваць гэтую крымінальную справу. І літаральна перад судом у Гарашчэні атрымалася уцячы ад сваіх ахоўнікаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, канваіраў, якія дапусцілі ўцёкі, звольнілі з працы.

Хто дапамог збегчы Гарашчэні — пакуль дакладна невядома. Зараз важны сведка знаходзіцца ў вышуку. Калі, ізноў жа, верыць нашым крыніцам, дык Гарашчэню шукаюць яшчэ і па іншай рэзананснай справе — яго быццам бы падазраюць у дачыненні да арганізацыі выбухаў, якія прагучалі ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Аднак у праваахоўных органах гэтую інфармацыю не падцвярджаюць.

Прысуд зяцю Зянона Ломаця і астатнім фігурантам справы павінны абвесціць бліжэй да сярэдзіны снежня.

Апошнія навіны