BE RU EN

Крызіс ударыў па прамысловых прадпрыемствах і «Белнафтахіму»

  • 28.11.2008, 11:19

Беларуская прамысловасць адчувае сур'ёзнае падзенне попыту на экспартную прадукцыю, прызналіся ва ўрадзе.

«Падае попыт і пакупальніцкая здольнасць як украінскага, так і расейскага спажыўца на прадукцыю беларускіх прамысловых арганізацый. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да росту запасаў гатовай прадукцыі», — заявіў сёння віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў на сумесным паседжанні палат «нацыянальнага сходу», паведамляе «Інтэрфакс».

Найбольш сур'ёзна наступствы такога спаду, паведаміў ён, адчулі на сабе экспарцёры машынабудаўнічай прадукцыі, прадпрыемствы Мінпрама. «Падобная сітуацыя прысутнічае па шэрагу таварных пазіцый канцэрнаў «Белнафтахім» і «Белбіяфарм», — сказаў А.Кабякоў.

Урад таксама занепакоены скарачэннем аб'ёма гандлю таварамі айчыннай вытворчасці, заявіў віцэ-прэм'ер.

«Гандаль пераходзіць у цывілізаваныя формы - скарачаюцца продажы на рынку. Дамінуюць продажы нехарчовых тавараў. Але скарачаецца продаж айчынных тавараў, хоць іх вытворчасць расце», - сказаў А.Кабякоў.

Па словах віцэ-прэм'ера, адмоўнае сальда знешняга гандлю за 10 месяцаў склала $2,744 млрд і павялічылася ў параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2007 года на $800 млн.

Скарачэнне, па ягоных словах, абумоўленае падзеннем коштаў на ключавыя экспартныя тавары - хімію, нафтахімію, машынабудаванне.

Апошнія навіны