BE RU EN

Дэвальвацыя рубля ўсё ж такі будзе?

  • 25.11.2008, 13:42

Лукашэнка заявіў аб тым, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты будзе ажыццяўляцца нібыта ў «прадугледжаных раней параметрах».

"Ніякага абвалу не будзе. Усё будзе праходзіць у зададзеных параметрах", - заявіў ён у Віцебску на нарадзе з актывам Віцебскай вобласці.

"Што датычыць беларускага рубля, дык сітуацыю мы ўтрымаем", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго словаў, "у нас назапашаныя пэўныя рэзервы, і мы іх выкарыстоўваем сёння мала".

Лукашэнка заявіў, што "МВФ вельмі пазітыўна ацэньвае тое, што ў нас зроблена". Пры гэтым, адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі гатовыя прыслухацца да тых заўвагаў, якія зробленыя экспертамі фонду. "Мы зробім усё тое, што не датычыць людзей", - заявіў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка дадаў таксама, што яго "больш насцярожвае дзейнасць прадпрыемстваў, якія больш купляюць, чым прадаюць".

"Прыходзяць за валютай, нічога не паклаўшы ў казну", - сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, "сёння рэальна патаннелі рэсурсы - нафта, сталь". У гэтай сувязі Лукашенка лічыць магчымым перагледзець кошты на прадукцыю, якая вырабляецца ў Беларусі.

Аб хабарніках, махінатарах і перараджэнцах

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў падчас візіту на Віцебшчыну факты карумпаванасці чыноўнікаў Віцебскай вобласці, у тым ліку супрацоўнікаў сілавых структураў.

"Самая агідная з'ява - гэта карупцыя сярод тых службовых асобаў, якія абавязаныя змагацца з гэтым злом і перапыняць яго", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўна быў выяўлены факт атрымання хабару намеснікам начальніка ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследванняў па Віцебскай вобласці. "У стадыі аператыўнай распрацоўкі знаходзяцца і некаторыя гора-падаткавікі, а таксама работнікі судовых органаў", - сказаў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што ў мінулым і гэтым гадах да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя па фактах карупцыі намеснікі старшыняў Аршанскага і Браслаўскага райвыканкамаў, дырэктар Наваполацкага заводу бялкова-вітамінавых канцэнтратаў. У сістэме Віцебскага аблспажыўсаюза ўзбуджана 9 крымінальных справаў карупцыйнай накіраванасці, адзначыў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў: "У органах улады не павінна быць хабарнікаў, махінатараў і іншых перараджэнцаў".

"Недапушчальна перасоўванне на іншыя пасты кіраўнікоў, якія паказалі сваю непрыдатнасць да кіраўнічай дзейнасці, скампраметавалі сябе", - заявіў Лукашэнка.

Апошнія навіны