BE RU EN

Пракаповіч спрабаваў змаўчаць аб наступствах фінансавага крызісу

  • 14.10.2008, 16:09

Беларускія эксперты лічаць, што ў сувязі з сусветным фінансавым крызісам істотна знізілася колькасць беларускіх банкаў, якія выдаюць крэдыты на жыллё. Пры гэтым старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч запэўнівае, што крэдытаванне ідзе апераджальнымі тэмпамі.

Аналітыкі беларускага фінансавага інтэрнэт-рэсурсу infobank.by адзначаюць, што шэраг беларускіх банкаў абвясцілі аб падвышэнні з 15 кастрычніка адсоткавых ставак крэдытах, якія выдаюцца наноў. Яшчэ некалькі банкаў ужо падвысілі гэтыя стаўкі.

Аналітыкі таксама адзначаюць пагаршэнні ў частцы тэрміну разгляду крэдытных заявак. Так, у асноўным, банкі істотна павялічылі тэрміны разгляду, арыентыровачна да трох-чатырох тыдняў, "таму ў цэлым крэдыты абыходзяцца іх атрымальнікам даўжэй і даражэй".

Аналізуючы ўмовы жыллёвага крэдытавання, якое прапаноўваецца беларускімі банкамі, інтэрнэт-рэсурс прыходзіць да высновы, што "у агульным выпадку крэдыты ў еўра і далярах ЗША падаюцца найбольш выгоднымі". Наадварот, крэдыты ў беларускіх рублях размяшчаюцца на ніжэйшых радках рэйтынгу.

"Аднак з улікам абсалютна непрадказальнай сітуацыі з курсам валютаў у будучыні трэба ўсвядоміць, што вяртаць валютныя крэдыты банку прыйдзецца таксама ў валюце. Таму эканомія на адсоткавай стаўцы па валютным крэдыце цалкам можа павярнуцца вялікай курсавой розніцай у будучыні", — падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Нагадаем, па выніках першага паўгоддзя 2008 года старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч у сваім дакладзе Аляксандру Лукашэнку адзначаў, што крэдытаванне рэальнага сектара эканомікі ідзе апераджальнымі тэмпамі.

Апошнія навіны